Таварыства Каталіцкага Апостальства (паллатыны)

Святы Вінцэнт Паллоцці, рымскі святар, жыў у першай палове ХІХ стагоддзя. З мэтаю ажыццяўлення апостальскага паклікання народа Божага, а таксама дзеля аб’яднання намаганняў у служэнні апостальскай місіі Касцёла ён заснаваў Аб'яднанне  Каталіцкага Апостальства, у склад якога ўваходзяць святары і браты паллатынцы, сёстры паллатынкі і свецкія супрацоўнікі. Створанай супольнасці святы Вінцэнт вызначыў задачу паказваць разнастайнасць пакліканняў, абуджаць іх і актывізаваць. Універсальны, цалкам эклезіяльны падыход — гэта неад’емны элемент духоўнасці таварыства.

Самым вялікім жаданнем святога было тое, каб усе любілі Касцёл і адчувалі сваю адказнасць за яго. Ён хацеў, каб кожны адчуваў сябе апосталам Езуса, які пасланы абвяшчаць Валадарства Нябеснае там, куды яго скіраваў Бог, вызначыўшы яму жыццёвае заданне. Таму ідэя стварэння Таварыства Каталіцкага Апостальства грунтуецца на супольнасці апосталаў, сабраных у Вячэрніку, і звязваецца з падзеяй Спаслання Духа Святога. Сіла апостала — Дух Святы і трыванне ў малітве разам з Марыяй, Каралевай апосталаў. Беручы пад увагу невялікія чалавечыя магчымасці плённага прыняцця дароў Духа Святога, супрацоўніцтва з Марыяй мае агромністае значэнне для жыцця паллатынаў. Асноўным і непахісным статутам жыцця супольнасці з’яўляецца жыццё Езуса Хрыста і Яго Евангелле, а штодзённай спажывай — Эўхарыстыя. Святы Вінцэнт Паллоцці часта паўтараў: «Бог стаў спажываю для маёй душы. Ён прагне карміць мяне сабою, усёю сваёю сутнасцю і Боскаю натураю з ўсімі яе бясконца міласэрнымі якасцямі. Ён выхоўвае мяне і трымае чула і моцна, напаўняе ласкамі, дарамі, міласцямі любові».

Святы Вінцэнт таксама прасіў тых, хто быў побач з ім, не дапусціць, каб Езус, які застаўся з намі, заставаўся самотным у пустых касцёлах: «Найсвяцейшая Панна Марыя, Серафімы і Херувімы, Прарокі і Апосталы, усе святыя ў небе, ідзіце за мною наведаць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара, і мы застанемся з Ім назаўсёды, будзем праслаўляць Яго, дзякаваць і ўзносіць Яму пашану Яго ўласным сэрцам, Яго ўласным языком, Яго ўласнаю душою. Вось сапраўднае наведванне, годнае Езуса Хрыста. Езу мой, дай мне сябе. Знішчы ўва мне і ўва ўсіх нас усё наша жыццё, каб не засталося ад нас нічога, што магло б перашкодзіць нам мець толькі Цябе, аднаго Цябе».

«Езу, любоў бязмежная, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, які стаў маёю спажываю і напоем, я няварты прыняць Цябе, але я прагну Цябе і прагну Цябе такою паўнатою любові, якою прагнуць Цябе Анёлы, святыя і іх Каралева, Найсвяцейшая Марыя, паўнатою любові Яе ўласнага сэрца. Спадзеючыся на Тваю бязмежную Міласэрнасць, якая не адкідвае нават самых нявартых, а наадварот, шукае іх, я прагну прымаць Цябе ў кожную хвіліну, заўсёды хачу абуджаць у сабе столькі актаў любові і праслаўлення, колькі Ты іх заслугоўваеш, ва ўсіх інтэнцыях, якія прыемныя Табе».

У Год Эўхарыстыі, молячыся на ружанцы, мы схіляемся над таямніцаю Бога, які жыў сярод нас, просім Яго праз заступніцтва Марыі, каб сустрэчы з Ім у Святой Камуніі ператваралі нашае жыццё і нас саміх у праўдзівых і сапраўдных сведкаў веры.

«Пане Езу Хрыстэ, Сыне Божы і Сыне Марыі! Мы сабраліся перад Табою, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Мы ўглядаемся ў Цябе, як у наш прыклад, і ў Марыю, якую Ты выбраў сярод усіх людзей. Яна з’яўляецца бездакорным адлюстраваннем Тваёй святасці і велічы. Ты адарыў сваю Маці Марыю ласкаю жывой веры, і Яна пакорна і паслухмяна прыняла Тваё слова. Просім Цябе, дапамажы нам пазнаць Цябе і стаць перад Табою цнатлівымі і чыстымі ад грахоў.

«Беззаганная Маці Божая, Каралева апосталаў, разам з Табою і ўсімі анёламі і святымі ў небе мы дзякуем Найсвяцейшай Тройцы за дар веры. Мы шчаслівыя, дарагая Маці, што можам называць Цябе Каралеваю апосталаў, бо гэты тытул узвялічвае Цябе, а нам дадае адвагі. Просім Цябе, Марыя, каб Ты як наша Маці паядналася з намі, грэшнікамі, і ўсімі жыхарамі неба, калі мы будзем ахвяроўваць цяпер і заўсёды Найсвяцейшую Кроў Твайго Сына, Яго заслугі і заслугі ўсяго Касцёла, просячы, каб усе людзі маглі атрымаць дар выкарыстоўваць свае здольнасці і энергію для евангелізацыі народаў усяго свету, так, каб хутка надышла хвіліна, прадказаная Тваім Боскім Сынам, якую так моцна чакаеш Ты і ўсё неба, калі мы ўсе будзем сабраныя ў адной аўчарні пад кіраўніцтвам аднаго Пастыра».