19 кастрычніка ў семінарыйна-парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Апосталаў у Алтажэве (Польшча) адбылося пасвячэнне дыяканаў для Таварыства Каталіцкага Апостальства (Айцы паллатыны).

Сярод іншых кандыдатаў, сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату прыняў выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі ксяндзоў паллатынаў Віталій Міцкевіч з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Пелішчы (Пінская дыяцэзія, Брэсцкі дэканат).

Раней, 8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, гэты малады беларускі паллатын даў вечныя абяцанні жыцця ў чыстасці, убостве і паслухмянасці ў згаданным таварыстве.

Пасвячэнне дыяканату ўдзяліў дапаможны біскуп Бельска-Жывецкай дыяцэзіі ў Польшчы Пётр Грэгер.

На пачатку цэлебрацыі рэктар семінарыі прывітаў удзельнікаў урачыстасці.

Асаблівае прывітанне ён скіраваў святарам і гасцям з Беларусі на беларускай мове, роднай мове дыякана Віталія.

У прамоўленай гаміліі біскуп Грэгер засяродзіўся на вобразе добрага Пастыра, заахвоціўшы кандыдатаў да дыяканату верна ісці за Хрыстом. Біскуп пажадаў ім плённага служэння ў якасці дыяканаў, а таксама добрай падрыхтоўкі да святарскага пасвячэння.

Паводле:  Catholic.by/ Тэкст: кс. Януш Чарнамораў / Фота: з асабістага архіву дк. Віталія Міцкевіча / 27.11.2024