Дзякуючы Пану Богу адбыўся выезд паллатынскай моладзі на Сусветны Дзень Моладзі, які праходзіў у Кракаве (Польшча). Наша група налічвала 17 чалавек. Арганізатарам быў а. Яўгеній Эйсмант.
Перад паездкай у Кракаў мы сталі ўдзельнікамі аб’яднаных дыяцэзіяльных дзён моладзі у Алтажэве, куды з’ехалася паллатынская моладзь з усяго свету. На працягу пяці дзён была вельмі разнастайная праграма, падчас якой наша група разам з моладдзю з Літвы, Уругваю, Конга, Камеруна, Расіі, Венесуэлы, Індыі наведала гістарычныя аб’екты і месцы культу Варшавы, дапамагалі нямоглым людзям у прыбіранні, змагаліся падчас спартакіяды і, канешне, разам маліліся. У апошні дзень адбылося свята народаў, дзе наша група заспявала народную песню “Купалінка” і рэлігійную “Весяліся”, што суправаджалася плясканнем у далоні.
Пасля ўсе разам на спецыяльным цягніку мы паехалі ў Кракаў. Мы жылі ў парафіі, дзе размяшчалася большасць беларускай моладзі. Кожны дзень, апрача галоўных падзей з Папам Францішкам, мы ўдзельнічалі ў катэхезах, якія прамаўлялі да нас біскупы Беларусі на роднай мове і цэлебравалі святыя Імшы. Дасягнута максімальная мэта! Моладзь з’ядналася, разам праслаўляла Бога і весялілася!