Максім Боландзь з Ліды і Павел Казлоўскі з Белаазёрска ў ліку 12 навіцыяў падчас святой Імшы ў Зомбкавіцах Слёнскіх (Польшча) у Таварыстве Каталіцкага Апостальства атрымалі духоўны строй — сутаны. Урачыстая падзея прайшла 26 жніўня.
Святую Імшу ўзначаліў кс. Юзаф Ласак SAC, настаяцель правінцыі Хрыста Валадара Таварыства Каталіцкага Апостальства.
Аблучыны сабралі шматлікіх святароў і гасцей. Прыбылі таксама сем'і навіцыяў, іх сябры і знаёмыя. Фармацыя ў Таварыстве Каталіцкага Апостальства пачынаецца месячным пастулатам, a затым надыходзіць перыяд двухгадовага навіцыяту.
На заканчэнне першага года навіцыяту адбываюцца аблучыны, інакш кажучы, прыняцце духоўнага адзення — сутаны з чорным поясам. У сваю чаргу на заканчэнне ўсяго навіцыяту кандыдат складае манаскія абяцанні на адзін год.
Абяцанні аднаўляюцца аж да моманту складання вечных манаскіх абяцанняў, якое адбываецца на апошнім годзе вучобы ў семінарыі.
Пасля навіцыяту надыходзіць перыяд шасцігадовай фармацыі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі Таварыства Каталіцкага Апостальства ў Алтажаве. Яна заканчваецца прыняццем прэзбітэрскага пасвячэння.