Дарагія браты і сёстры, сардэчна вітаю ўсіх вас! Мне вельмі прыемна, што я магу сустрэцца з вамі з нагоды вашага XXI Генеральнага Сходу. Ад усяго сэрца віншую вас і дзякую Генеральнаму Настаяцелю за яго словы. Далучаю гэтае віншаванне таксама да ўсіх членаў Таварыства Каталіцкага Апостальства і тых, хто ўдзельнічае ў харызмаце святога Вінцэнта Паллоцці. Ён з'яўляецца павучальным і натхняльным святлом у Касцёле. Яго харызмат з'яўляецца каштоўным дарам Святога Духа, таму што абуджаў і абуджае розныя формы апостальскага жыцця і заклікае верных да актыўнага ўдзелу ў сведчанні Евангелля.
Ваш Заснавальнік зразумеў, што для таго, каб жыць у камуніі (еднасці) з Богам, трэба паставіць у цэнтр Езуса Хрыста, "Божы Прыклад усяго чалавецтва" (OOCC II, стар. 541). У сёлетнім Святым Годзе Міласэрнасці я хацеў бы нагадаць пра наступны факт. Вінцэнты Паллоцці меў дар распазнання, што Езус з'яўляецца апосталам Айца, вялікага ў любові і багатым у міласэрнасці, гэта значыць, што Ён з'яўляецца Тым, Які выконвае сваю місію, паказваючы ўсім пяшчотную любоў і бясконцую міласэрнасць Айца. Гэтая таямніца Божага Айцоўства, Які праз свайго Сына адкрывае кожнаму чалавеку сэрца, поўнае любові і спачування, набывае асаблівае значэнне ў нашыя часы. Перад нашымі вачыма мільгаюць штодзённа сцэны насілля, бязлітасныя твары, сэрцы цвёрдыя і ў роспачы. Таму нам неабходна памятаць пра гэтага Айца, сэрца Якога думае пра ўсіх і жадае збаўлення кожнага чалавека. Міласэрнасць з'яўляецца "сілай, якая перамагае ўсё, што напаўняе сэрца любоўю і прабачэннем" (Misericordiae Vultus, 9).
Разважанні вашага Генеральнага Сходу сканцэнтраваны на наступных словах вашага Святога Заснавальніка: «Асноўным правілам (статутам) нашага найменшага Таварыства з'яўляецца жыццё Пана нашага Езуса Хрыста, Якога мы павінны наследаваць з пакорным даверам і ўсялякай магчымай дасканаласцю ў Яго скрытым жыцці і публічнай дзейнасці евангельскай паслугі" (OOCC III, стар. 40). У святле гэтых каштоўных парадаў кожны член палатынскай сям'і пакліканы прыняць асобу Езуса Хрыста як фундамент свайго існавання, а таксама верна ісці за Ім.
Разважаючы над жыццём Езуса і гледзячы на наша жыццё пілігрымаў ў гэтым свеце з такімі шматлікімі праблемамі, заўважаем неабходнасць глыбокага навяртання і пільнай патрэбы ажыўлення веры ў Яго. Толькі такім чынам мы зможам служыць сваім бліжнім ў любові! Кожны дзень мы пакліканыя да таго, каб аднаўляць давер да Хрыста і чэрпаць з Яго жыцця натхненне, каб выконваць сваю місію, таму што "Езус з'яўляецца першым і найважнейшым веснікам Евангелля. У кожнай форме евангелізацыі першынство павінна заўсёды належыць Богу, Які захацеў нас паклікаць да супрацоўніцтва з Ім і пабудзіць нас сілай свайго Духа "(Evangelii Gaudium, 12).
Дарагія браты, заахвочваю вас, каб працягвалі з радасцю і надзеяй сваё падарожжа, удзельнічаючы ўсім сваім сэрцам і ўсімі сіламі ў тым, каб харызмат вашага Заснавальніка прыносіў багаты плён і ў наш час. Ён любіў паўтараць, што пакліканне да апостальства не зарэзервавана толькі для некаторых, але скіравана да ўсіх "незалежна ад яго стану, прафесіі, маёмасці; усе могуць мець удзел у ім" (OOCC IV, стар. 346).
Аб'яднанне Каталіцкага Апостальства, якое падтрымлівае харызмат святога Вінцэнта Паллоцці, дае шмат прасторы і адкрывае новыя гарызонты, каб удзельнічаць у місіі Касцёла. Таму яно заклікае да дзеяння з адноўленым запалам, каб зноў абудзіць веру і распаліць любоў, асабліва ў найбольш слабых слаях насельніцтва, бедных духоўна і матэрыяльна. Няхай дапамагае вам у гэтым прыклад шматлікіх вашых сабратоў, сапраўдных сведкаў Евангелля, якія аддалі свае жыцці ў служэнні іншым. З некаторымі пазнаёміўся і я падчас маёй душпастырскай паслугі ў Аргенціне і з ўдзячнасцю захоўваю аб іх памяць.
Каб вы маглі дапамагаць тым, каго сустракаеце ў сваёй паслузе, у адкрыцці нанова бязмернай любові Бога ў нашым жыцці. Так чыніў Святы Вінцэнты Паллоцці, які лічыў сябе цудам міласэрнасці Божай. Ён пісаў: "О мой Езу: у Табе ззяе незразумелая празмернасць Тваёй бясконцай любові і Тваёй бясконцай міласэрнасці" (OOCC XIII, стар 169).
Я даручаю вас усіх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Якую Святы Вінцэнты Паллоцці ўшаноўваў асаблівым чынам як Каралеву Апосталаў. Яна, добры прыклад апостальскага запалу і дасканалай любові да бліжняга, заахвочвае нас да пастаяннай малітвы, каб спасылаць дары Духа Святога для сённяшніх апосталаў, каб Евангелле Яе Сына было абвешчана ва ўсім свеце. Таксама я даручаю сябе вашым малітвам і жадаю вам найлепшых плёнаў вашага Сходу, ад усяго сэрца ўдзяляю вам Апостальскае Благаслаўленне.