16 ліпеня ў сваёй роднай парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве сястра Наталля Дрэмо склала вечныя манаскія абяцанні. Манахіня належыць да Таварыства Сясцёр Місіянерак Каталіцкага Апостальства (палатынак), якія ўжо шмат гадоў служаць у воранаўскай парафіі.
Урачыстае складанне вечных абяцанняў адбылося падчас святой Імшы, на якой сабралася сям’я манахіні, сёстры з яе супольнасці, святары, семінарысты і шматлікія парафіяне.
Таварыства Сясцёр Місіянерак Каталіцкага Апостальства было заснавана ў Рыме ў першай палове XIX ст. святым кс. Вінцэтам Паллоцці (1795 – 1850).
Мэта гэтай супольнасці – для большай Божай хвалы ажыўляць, паглыбляць і пашыраць веру, умацоўваць надзею і распальваць любоў паміж людзьмі. Сёстры паллатынкі жадаюць абуджаць сярод вернікаў усведамленне іх апостальскага паклікання і спрыяць таму, каб была адна аўчарня і адзін Пастыр.
Паводле пажадання заснавальніка гэтай супольнасці св. Вінцэнта Паллоцці, яе асновай з’яўляецца асаблівае наследаванне Езуса, а рэгулай жыцця – Евангелле.
Асаблівай рысай паллатынскай духоўнасці з’яўляецца дух любові, пакоры і служэння, прастаты і цярплівасці, міласэрнасці і радасці сэрца. Кожная з сясцёр стараецца перажываць сваю штодзённасць паводле кароткіх дэвізаў заснавальніка: усё для бясконцай Божай хвалы, усё для знішчэння граху і ўсё для збаўлення душаў.
Няхай словы, якія ў дзень складання манаскіх абяцанняў прамовіла маладая манахіня сястра Наталля: “Прысвячаю сябе Богу, майму Пану, назаўсёды”, - будуць радасцю кожны дзень яе жыцця. Няхай Пан яе вядзе і ўмацоўвае.