КАРАЛЕВА ПАЛЕССЯ,

МАЛІСЯ ЗА НАС!..

Цудоўны абраз Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, які знаходзіцца ў галоўным алтары Петрапаўлаўскага касцёла ў мястэчку Лагішын на Піншчыне, мае сваю гісторыю.

У красавіку 1706 году, пакінуўшы Горадню, швэдзкі кароль Карл XII са сваім войскам праз ПружаныБярозуХомск ішоў да Пінску. Расейцы праз Жалудок ішлі на Менск. Адзін з вайсковых аддзелаў у Мерчыцах павярнуў на Лагішын, адпачыць і папоўніць правіянт. Афіцэр аддзелу, Галабурда, які вёз з сабой абраз, затрымаўся на пастой у сакратара гораду Малішэўскага. Ён загарнуў абраз у палатно і паставіў каля дзьвярэй у сенях. Калі паступіў загад выступаць у паход, абраз застаўся за расчыненымі дзьвярыма. Малішэўскія занесьлі яго ў сьвятыню, дзе абраз у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі.

Вялікім цудам стала выратаваньне драўлянага храма ад пажару, падчас якога згарэлі ўсе суседнія дамы. У 1866 годзе, пасьля задушэньня паўстаньня 1863—1864 гадоў, касьцёл разам з абразам быў перададзены царскімі ўладамі праваслаўнай царкве.

У 1913 годзе быў пабудаваны новы мураваны касьцёл, але абраз ня быў вернуты каталікам. І толькі ў 1938 годзе некалькі юнакоў-каталікоў таемна вынесьлі абраз Маці Божай з царквы і перанесьлі яго ў касьцёл. Тры разы праваслаўныя судзіліся з каталікамі, але суд застаўся на боку апошніх. У восень 1939 году абраз адправілі ў Варшаву на рэстаўрацыю, пасьля якой берасьцейскі біскуп Казімір Букраба сам прывёз яго і ўласнаручна зьмясьціў у галоўны алтар новага касьцёлу. У 1944 годзе, пасьля ўваходу Чырвонай Арміі ў мястэчка, зноў праваслаўныя запатрабавалі вярнуць абраз у царкву, але не знайшлі падтрымкі ў ваеннага камісара.

Каранацыя

Дзякуючы намаганьням арцыбіскупа мінска-магілёўскага кардынала Казіміра Сьвёнтэка, абраз быў адноўлены і 1 студзеня 1997 г. зноў урачыста перададзены Петрапаўлаўскаму касьцёлу. А 10 траўня, у дзень парафіяльнага сьвята, якое штогод адзначаецца ў Лагішыне, адбылася вялікая ўрачыстасьць, прысьвечаная яго каранацыі папскімі каронамі, у якой удзельнічала некалькі тысячаў вернікаў. У ёй удзельнічаў кардынал Казімір Сьвёнтак, нунцый архібіскуп Дамінік Грушаўскі, шматлікія сьвятары з усіх дыяцэзіяў Беларусі.