22 жніўня ў паўсюдным Касцёле адзначаецца успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы. Для нашай краіны кожны ўспамін Маці Божай вельмі важны. Пасля шматгадовых ганенняў на Касцёл і Царкву, атрымаўшы свабоду веравызнання, іерархі Каталіцкага Касцёла даручылі працэс адновы рэлігійнага і духоўнага жыцця на нашых землях пад апеку Найсвяцейшай Панны. Таму нездарма былі вызначаны месцы культу марыйнай пабожнасці ў якіх сама Маці Божая пацвердзіла сваю прысутнасць праз многія цуды якіх дасведчыў не адзін чалавек.
Адным з многіх марыйных санктуарыяў нашай Бацькаўшчыны стаў Лагішын, невялічкае мястэчка на Палессі. Менавіта ў гэтым санктуарыі Маці Божай Лагішынскай – Каралевы Палесся, Пінскай дыяцэзіі, адбываецца 22 жніўня фэст у гонар Маці Божай Каралевы. На гэтую ўрачыстасць ужо 20 гадоў запар з’язджаюцца шматлікія вернікі-пілігрымы (менавіта так іх трэба назваць) са шматлікіх куткоў Беларусі. Традыцыйна кожны фэст у марыйных санктуарыях папярэджваюць шматдзённыя пілігрымкі. Санктуарый у Лагішыне не стаў выключэннем. Да Каралевы Палееся прыбывыюць пешшу штогод пілігрымкі, якія таксама адзначылі свае юбілеі. А менавіта пілігрымка з Баранавіч і ваколіц, якую ўзначальваюць дыяцэзіяльныя святары святкавала ў гэтым годзе юбілей 20-ці годдзя (прыбыло іх 170 чалавек), а пілігрымка з Бярозы і з розных куткоў Беларусі ад віцебшчыны праз меншчыну, гродзеншчыну і гомельшчыну, якую ўзначальваюць айцы Паллатыны, святкавала юбілей 15-ці годдзя свайго існавання. А таксама ўпершыню прыбыла пешая пілігрымка з Івацэвіч, якую ўзначалілі святары візантыйскага абраду, браты ў веры грэка-католікі.
Чатыры дні пілігрымавання вельмі насычаныя. Кожны дзень пілігрымы аднаўляюць свой давер на Божы провід праз тое, што спадзяёмся на дабрыню, зычлівасць і адкрытае сэрца людзей паселішча якіх мінаем, ці затрымоўваемся каб пасілкавацца, ці застаемся на начлег. Сувязь з Богам гэта таксама адлюстраванне ўзаемаадносін паміж людзьмі, таму вучымся на пілігрымковым шляху быць разам як адна сям’я, якіх айцом ёсць Бог, а маці – Марыя. Кожны дзень вельмі насычаны малітвай, праслаўленнем Бога праз спеў і размовамі паміж сабой, якія ўбагачаюць кожнага ўдзельніка, бо пазнаем нашых братоў і сясцёр у веры, якія жывуць у розных кутках нашай Бацькаўшчыны, абагачаемся досвідам іх духоўнага і рэлігійнага жыцця.
Як нагадаў пілігрымам, падчас святой імшы ў санктуарыі, дапаможны біскуп гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі абапіраючыся на дэвіз пілігрымкі “Ідзіце і абвяшчайце”: “Увага! Увага! Патрэбна адвага!”, так кожны з удзелькаў пілігрымкі, а таксама кожны хрысціянін вяртаючыся да дому, да месцаў працы, у навучальныя ўстановы павінен вопыт свайго духоўнага перажывання і адраджэння перадаваць іншым праз вернасць Богу ў сваім штодзённым сямейным і прафесійным жыцці.
Кс. Аляксандр Сушынскі SAC, пробашч парафіі ў Германішках