22 кастрычніка адзначалася 25-годдзе капліцы Божай Міласэрнасці ў Паляцкішках (Радунскі дэканат). Капліца знаходзіцца на тэрыторыі воранаўскай парафіі, дзе служаць святары з Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатыны).
Урачыстую святую Імшу з удзелам шматлікіх парафіян і гасцей у інтэнцыі ўсіх, хто паспрыяў паўстанню капліцы, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі іерарх адзначыў, што капліца была пабудавана дзякуючы ахвярнасці, працы і актыўнаму ўдзелу вернікаў і з’яўляецца найперш прыгожым сведчаннем іх веры.
Біскуп падзякаваў кс. Юзафу Ашкіловічу, ініцыятару ўзвядзення і будаўніку гэтай святыні, які ўзяўся пабудаваць яе дзеля Божай хвалы і на дабро вернага люду і які зараз служыць у Літве. Іерарх выказаў падзяку таксама сённяшняму пробашчу кс. Анджэю Вітэку SAC, які шмат гадоў нястомна, з вялікай ахвярнасцю, стараннем і айцоўскім клопатам выконвае душпастырскае служэнне ў гэтай святыні.
Разважаючы над літургіяй слова на гэты дзень, біскуп Кашкевіч адзначыў, што “Пан Бог жадае прыйсці ў нашы сэрцы, каб нас узбагаціць Сабой і адарыць сапраўдным шчасцем”.
“Няхай дынарам, які мы ахвяруем Пану Богу, будзе наша малітва – не змушаная, не тая, якую прамаўляем у спешцы, у нежаданні, але тая, якая паходзіць з сэрца, якая з’яўляецца выразам нашай любові і ўдзячнасці Богу, бо ўсё, чым мы ёсць і што маем, мы атрымалі ад Яго”, – дадаў іерарх.
Гродзенскі ардынарый заклікаў, каб дарам чалавека Богу была любоў да бліжняга – не на словах, але ўчынкам і праўдай, якая вынікае з любові да Пана.
„Няхай тым, што мы ахвяруем Пану Богу, будзе здольнасць прабачыць нашым вінаватым, як аб гэтым мы запэўніваем штодзённа ў малітве Панскай”, – пажадаў іерарх.
Урачыстасць завяршылася падзякамі, скіраванымі пробашчам і вернікамі біскупу. Яны дзякавалі свайму пастыру за тое, што наведаў свой люд і захацеў у гэты ўрачысты дзень з іх маленькай супольнасцю ў Паляцкішках разам дзякаваць Богу за іх матэрыяльны касцёл, які з’яўляецца месцам спаткання з Панам.
Капліца Божай Міласэрнасці ў Паляцкішках была пабудавана ў 1992 г., а асвечана ў 1993 г.
Кс. Юрый Марціновіч