28 кастрычніка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце прайшла сустрэча каталіцкай моладзі Пінскай дыяцэзіі на тэму «Маральна-этычныя каштоўнасці сучаснага католіка».

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся мэты, цяжкасці і выпрабаванні сучасных католікаў, а таксама алгарытм «напаўнення» свайго сэрца любоўю да Бога. «Алгарытм» складаўся з выяўлення праблемы, усведамлення таго, што трэба нешта змяняць у жыцці, бо жыць, як раней — немагчыма. Да гэтых учынкаў, а таксама да штодзённага змагання і барацьбы заклікаў у канферэнцыі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

 

Удзельнікі сустрэчы сталі сведкамі шлюбу ў касцёле. З гэтай нагоды кс. Дзмітрый адзначыў, што нездарма Бог абраў гэты дзень, бо Ён хоча паказаць прыклад адносінаў згодна з Божымі запаведзямі, якія не часта пабачыш у сучасным асяроддзі. Мужчына і жанчына, як падкрэсліў святар, да алтара ідуць паасобку, а атрымаўшы сакрамэнт, становяцца адным цэлым ажно да смерці. Святар заклікаў да барацьбы з брудам, абыякавасцю і грахом, якія ўжо сталі нормай сярод моладзі.

 

Акрамя духоўнай часткі сустрэчы, для моладзі быў арганізаваны «сюрпрайз» — завітаў мастак-карыкатурыст. Кожны з удзельнікаў змог атрымаць на памяць аб сустрэчы свой смешны партрэт.

 

Увечары ўдзельнікі сустрэчы падчас адарацыі мелі магчымасць звярнуцца да Божай Маці падчас Ружанца. Пасля адбылася святая Імша для моладзі, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

 

«У хвіліны цярпення людзі пытаюць у Бога: чаму? Марыя ж падказвае: углядайцеся ў таямніцу збаўлення і Збаўцу Маімі вачыма — позіркам любові, даверу і ўдзячнасці», — заахвоціў іерарх.

«Хачу заахвоціць вас не выпускаць з рук ружанец. Няхай ён будзе для вас крыніцай сілы, на якую ўказвае Марыя. Навучыце ружанцовай малітве сваіх сяброў. Няхай яны бачаць ружанец у вашай руцэ. Гэта прыгожы, пераканаўчы прыклад, сведчанне, якое застаецца на ўсё жыццё і з’яўляецца дзейсным пераказам веры», — падкрэсліў біскуп.

На заканчэнне сустрэчы прайшоў канцэрт хрысціянскага моладзевага гурта OPEN з Гродна. Музыкі сагрэлі ўдзельнікаў не толькі выдатнай музыкай і настроем, але і запрашалі да танцаў, каб, праслаўляючы Бога, не змерзнуць у гэты халодны кастрычніцкі вечар.