Паміж хэлоўінам» і вялікімі каталіцкімі святамі, якія адзначаюцца ў гэты ж час, няма нічога агульнага. 1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ў адной літургічнай цэлебрацыі аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе. Наступны дзень, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.
На жаль, апошнім часам у Беларусі пачалі з’яўляцца праявы чужых звычаяў, не характэрныя для нашай культуры, якая мае хрысціянскія карані. З кожным годам у нашай краіне ўсё больш маштабна адзначаецца так званы «хэлоўін» — свята, запазычанае з Амерыкі. У ноч на 1 лістапада амерыканскія дзеці і падлеткі, апранутыя ў касцюмы і маскі розных пачвараў, д’яблаў і ведзьмаў ходзяць па дамах, збіраючы слодычы і прысмакі. Шырокавядомым сімвалам гэтага «свята» з’яўляецца гарбуз з выбранаю сярэдзінай, выразанымі пашчай і вачніцамі і са свечкай унутры.
Традыцыя «хэлоўіна» ўзнікла ў дахрысціянскія часы ў асяроддзі друідаў, якія выконвалі функцыі святароў і ведзьмакоў у старажытных кельтаў. Яны лічылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада духі памерлых вяртаюцца ў свае былыя дамы, каб наведаць жывых. Таму людзі гатавалі ў гэты дзень розныя стравы для духаў, каб тыя ім не пашкодзілі. Пад уплывам хрысціянства гэтая традыцыя амаль знікла. Каб цалкам адысці ад паганскага святкаванні смерці, у ІХ ст. урачыстасць Усіх Святых была перанесена з Велікоднага перыяду на 1 лістапада. Сама назва «хэлоўін» (ангельск. halloween) паходзіць ад словазлучэння All Hallow Evening — вечар Усіх Святых.
У апошнія часы паганская традыцыя адзначэння «хэлоўіна» пад уплывам сродкаў масавай інфармацыі пачала адраджацца. Гэтаму спрыяе таксама магутная рэкламная кампанія «індустрыі жахаў», штогадовыя прыбыткі якой у Злучаных Штатах складаюць да паловы мільярда даляраў. І хоць для большасці людзей «хэлоўін» — гэта толькі пэўная забава, аднак у рэчаіснасці ўсё значна больш небяспечна, чым здаецца.
Рэч у тым, што старажытнае кельцкае свята было прынятае сатаністамі, якія ў гэтую ноч праводзяць свае жахлівыя абрады, звязаныя з прынясеннем у ахвяру жывёлаў і людзей. Амерыканская паліцыя канстатуе, што напярэдадні «хэлоўіна» знікае значна больш хатніх жывёлаў і маленькіх дзяцей, чым у іншы час. Складанне ў ахвяру сатане маленькіх дзяцей у ноч «хэлоўіна» — гэта не байка, што і пацвярджаецца сведчаннямі былых адэптаў сатанінскіх сектаў. Асаблівую ўвагу гэтаму святу надаюць таксама і тыя, хто цікавіцца акультызмам, магіяй, спірытызмам.
Тыя, хто займаецца папулярызацыяй «хэлоўіна» і звязанай з ім атрыбутыкі, жадаюць надаць гэтаму «святу» прывабны і забаўляльны выгляд і пераканаць людзей у тым, што гэта не больш чым бяскрыўдныя забавы. Такім чынам людзі перастаюць усведамляць, што існаванне сатаны — гэта зусім не жарт, а рэальнасць. У выніку такі падыход вядзе да несур’ёзнага стаўлення да веры і рэлігіі наогул.
Кожны хрысціянін павінен памятаць, што ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных адзначэнню «хэлоўіна», несумяшчальны з яго вераю. Таму на Захадзе сярод хрысціянскай моладзі як пратэст супраць насаджэння антыхрысціянскіх каштоўнасцяў праводзіцца акцыя пад назваю Holly Win — «Святая перамога». У гэтую ноч тысячы маладых хрысціянаў у розных гарадах Еўропы збіраюцца на малітоўнае чуванне, прысвечанае перамозе Хрыста над смерцю, сатаной і пеклам. Пераможцамі сатаны з’яўляюцца таксама і ўсе святыя, урачыстасць якіх святкуецца 1 лістапада. Любыя спекуляцыі на тэму таго, што «хэлоўін» нібы паходзіць з каталіцкай традыцыі, не адпавядаюць сапраўднасці.