Томас Дж. Тэллей у сваёй кнізе «Вытокі літургічнага года» піша, што перыяд Адвэнту быў уведзены чацвёртым канонам Сарагоскага Сабору ў 380 г. У 567 г. Турскі сінод увёў снежаньскі пост, а ў 581 г. Маконскі сабор пастанавіў, што свецкія павінны пасціцца ад дня св. Марціна (11 лістапада) да Калядаў, таму з часам гэты прамежак стаў называцца Постам св. Марціна.
У VII-VIII стст. у Лекцыянарыі былі прадугледжаны чытанні на шэсць нядзель Адвэнту. Згодна з «Энцыклапедыяй каталіцтва» Гарпера Колінза, выдадзенай пад рэдакцыяй Рычарда МакБраена, Папа Рыгор Вялікі, які памёр у 604 г., стаў сапраўдным вынаходнікам рымскага Адвэнту. Ён абмежаваў гэты перыяд чатырма тыднямі і склаў для яго спецыяльныя малітвы і антыфоны. Гол (Францыя) узбагаціў літургію Адвэнту элементамі, якія ў XII ст. пасля зліцця рымскага і галіканскага абрадаў увайшлі ў рытуалы ўсяго Касцёла.
І ўсё ж лепшай магчымасцю для сустрэчы з Панам з'яўляецца сакрамэнт прымірэння. Прызнаючы свае грахі і недахопы, мы сустракаемся з нязгаснай любоўю, якая ўсё прабачае і абнаўляе. І нават калі нам здаецца, што чагосьці Бог ужо сапраўды нам не даруе, Ён заўсёды застае нас знянацку не толькі словамі прабачэння, але і шырокімі абдымкамі.
Ніжэй згаданы рахунак сумлення павінен дапамагчы табе падрыхтавацца да адвэнтавай споведзі. Адказваючы на прапанаваныя пытанні, папрасі Духа Святога ўказаць табе ўсё тое, што Ён хоча вылечыць у табе і дараваць. Малі Яго, каб даў табе сілу пазбягаць грэх, каб яшчэ глыбей спазнаць, што Езус заўсёды з табой.
«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёю, і ўсім розумам тваім»
1. Ці прызнаю я ўладу Бога над сваім жыццём? Да якой ступені я стараюся ажыццявіць уласныя задумы, а Богу даю месца толькі тады, калі мне гэта зручна? Ці не кіруюць маім жыццём мае ж імкненні і амбіцыі настолькі, што я адварочваюся ад запаведзей Бога?
2. Ці я не занядбоўваю дзень Пана, прызначаны для праслаўлення Бога і знаходжання ў Яго прысутнасці?
3. Ці я вымаўляю імя Божае з павагай?
«Любі бліжняга твайго, як самога сябе»
1. Ці я не адштурхнуў ад сябе каго-небудзь з членаў сваёй сям'і, з блізкай радні, калег або суседзяў? Наколькі я ў сваіх словах і ўчынках з павагай стаўлюся да іншых людзей?
2. Ці я цікавіўся жыццём бедных, хворых і тых, хто пакутуе? Ці гэта мая цікавасць пераходзіла ў справы, асабліва ў тым, што тычыцца захавання справядлівасці на прыкладзе любові і міласэрнасці Хрыста?
3. Ці я не раздражняўся? Ці не паддаваўся парывам гневу? Ці не захоўваў надоўга крыўду або прыкрасць?
4. Ці няма каго-небудзь, хто б параніў або пакрыўдзіў мяне і каму я павінен дараваць? Ці я не запляміў чыё-небудзь добрае імя зласлоўем і абгаворваннем?
5. Ці заўсёды я выказваў належную павагу да бацькоў? Ці не дазваляў сабе цынізму або непачцівасці ў адносінах да законнай ўлады?
6. Ці я не знаходзіўся пад уплывам дрэнных думак? Ці не рабіў якіх-небудзь нячыстых учынкаў, за якія павінен быў бы прасіць у Бога прабачэнне?
7. Ці заўсёды я быў праўдзівы ў сваіх словах і ўчынках? Ці сумленна я выконваў свае прафесійныя абавязкі?
8. Ці не забруджваў сваё цела ўжываннем наркотыкаў, алкаголю або празмернасцю ў ежы?
9. Ці я не ўдзельнічаў у якіх-небудзь акультных рытуалах?
10. Цяпер я павінен прыгадаць усё тое, праз што Дух Святы вядзе мяне да пакаяння: ці няма якіх-небудзь забытых або раней не заўважаных старых грахоў, г.зн. ран, якія патрабуюць лячэння? Ці няма ў мяне нейкіх асаблівых цяжкасцяў?
Паводле матэрыялам DOMUS AMICUS