Вось ужо зусім блізка да Нараджэння нашага Збаўцы. І ў гэты асаблівы час яшчэ раз варта сабе нагадаць, у якім стане знаходзіцца маё сэрца, ці падрыхтаванае яно належным чынам? Каб даць адказы на гэтыя і, магчыма, шматлікія іншыя пытанні перад Раством, прапануем некалькі крокаў.
1. Цішыня
Суцішыцца і прыслухацца да голасу Бога ў сваім сэрцы… Голасу, які суцяшае, дае надзею, радасць і ўпэўненасць, які напаўняе сэрца любоўю і незвычайнай гармоніяй і цішынёй. Голасу, які таксама кажа аб навяртанні, перамяненні шляху, набліжэнні да Бога. У цішыні заўсёды ёсць магчымасць паглядзець на сябе ў шчырасці. Бо толькі яна як лакмусавая паперка паказвае, куды накіраваныя твае думкі, якія менавіта ў цішыні становяцца найбольш гучнымі, а значыць паказвае, што ў тваім сэрцы ў прыярытэце…
2. Малітва
Якая твая малітва? Менавіта цяпер, калі вось-вось прыйдзе Збаўца? Ці пакідаеш ты месца ў сваім сэрцы для шчырай малітвы, нават не малітвы, а простай размовы з Айцом. Размовы без словаў, размовы душы? Адкрытасць, шчырасць і прастата сэрца — вось што падабаецца Богу. Не бойся быць з Ім малым дзіцём, якое просіць абароны і падтрымкі. Даверся Яму бязмежна.
3. Святое Пісанне
Ці чытаеш ты Божае Слова? Ці напаўняешся ім? У гэтай бесперапыннай духоўнай барацьбе, якая адбываецца кожнае імгненне, Біблія — вельмі добрая зброя, што адбівае шматлікія спакусы злога, які вельмі часта асабліва моцна праяўляе сябе перад святамі, імкнучыся звесці верніка з правільнага шляху.
4. Чыстае сэрца
Старайся захоўваць сябе ў чысціні. Прычым, чысціня тут маецца на ўвазе не толькі ў сэнсе чыстасці думак і жаданняў, найперш гэта чысціня сэрца, чысціня ўсяго твайго жыцця.
5. Салідарнасць
Варта не забыцца, што хрысціянства — гэта дзейсная рэлігія. Гэта найперш справы. Таму, няхай ціхімі будуць твае словы — адкрый сэрца для справаў. Зразумела, што магчыма ўвесь Адвэнт ты і так стараўся, ці старалася дапамагаць сваім родным, блізкім, патрабуючым… Але ў гэты перыяд варта зрабіць гэта адным з прыярытэтаў.
Магчыма, для кагосьці тваё простае слова падтрымкі або ўсмешка стануць найбольш каштоўным падарункам, які будзе сведчыць пра Нараджэнне Збаўцы, Які ніколі не пакіне ў самоце…
22.12.2017 04:28 Марына Валасар / Catholic.by
https://catholic.by/3/pub/auth/7200-5-kroka-kab-godna-sustrets-malenkaga-ezusa