Калісьці выпяканнем аплатак маглі займацца выключна манаскія супольнасці. Толькі ў XVII стагоддзі кожная парафія атрымала такое права. Дапамагалі і актыўныя свецкія вернікі. Напрыклад, у Беларусі ў савецкія часы арганісты, закрыстыяне і іх памочнікі рабілі аплаткі ў сваіх дамах, а потым раздавалі іх парафіянам.
У той час прыладай для выпякання былі прамавугольныя цяжкія жалезныя шчыпцы, якія называлі “жалезамі” ці “жалезкамі”. На ўнутранай старане формы выбіваліся розныя знакі – рэлігійныя сімвалы. На шчыпцах адлюстроўваліся сцэны, звязаныя з Божым Нараджэннем: Дзіцятка Езус у ясельках, Маці Божую, Святога Юзафа і анёлаў, што адаруюць Немаўля, а таксама вала і асла, якія, згодна з легендай, таксама былі ў бэтлеемскім хляве. Паміж жалезнымі пласцінамі ўлівалі цеста, сціскалі шчыпцы і клалі іх у жар. Праз некалькі хвілін вымалі гатовую аплатку, аздобленую адціснутым узорам, і нажом выраўнівалі краі. Абрэзкі, што з’яўляліся такім чынам, былі вялікім прысмакам для дзяцей.
Традыцыя ламання аплаткай сягае каранямі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Першапачаткова яна не была звязана з Божым Нараджэннем, а сімвалізавала духоўную камунію членаў супольнасці. З часам на вігілійную св. Імшу вернікі сталі прыносіць хлеб, якім пасля бласлаўлення дзяліліся. Яго забіралі дамоў для хворых ці тых, хто па розных прычынах не быў у касцёле, а таксама перасылалі родным і знаёмым. Гэтая практыка пачала знікаць у ІХ стагоддзі.
Выпечка, форма якой прыгадвае сённяшнія аплаткі, з’явілася ў сярэднявеччы. Цікава, што аплаткі былі не толькі белыя, але і каляровыя. З іх рабілі святочныя аздобы.
Нельга дакладна акрэсліць, калі на нашых землях умацавалася традыцыя дзяліцца аплаткай у вігілійны вечар. Вядома, што гэты звычай прыйшоў да нас з Польшчы, дзе самае старэйшае пісьмовае ўпамінанне аб такой практыцы адносіцца да канца XVIII стагоддзя. Людзі верылі, што аплаткі забяспечаць дому дастатак і многа хлеба, што ўкінутыя ў студню крышынкі аплаткі ачысцяць ваду, а людзям гарантуюць здароўе. Часта вігілійным хлебам частавалі гаспадарчую жывёлу, лічачы, што да такога вялікага свята павінны “дакрануцца” ўсе стварэнні. Акрамя таго, аплаткай сімвалічна дзяліліся з душамі памерлых, кладучы яе на дадатковай талерцы на вігілійным стале.
Паводле Слова Жыцця