Вігілія Божага Нараджэння ўрачыста завяршае адвэнтавы перыяд. Сем’і збіраюцца разам, каб з’яднацца ў чаканні нованароджанага Збаўцы. Што ўваходзіць у абрад вігілійнай вячэры?

Запальванне свечкі

Вігілійны стол засцілаем белым абрусам, пад які кладзём сена. Яго таксама можна ўпрыгожыць яловымі лапкамі. Разам з поснымі стравамі на стол ставім талерку з аплаткай. Па традыцыі пакідаем адно вольнае месца для нечаканага госця.

Калі на небе з’яўляецца першая зорка, бацька ці маці запальвае свечку на вігілійным стале, гаворачы пры гэтым: “Святло Хрыста”. Усе адказваюць: “Дзякуй Богу”.

Чытанне Евангелля

Дзве тысячы гадоў таму ў свет прыйшоў Сын Божы Езус Хрыстус, які нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні як безабароннае Дзіця. Стоячы, давайце паслухаем з верай словы з Евангелля, у якім апісваецца гэтая радасная для людзей падзея нараджэння Збаўцы.

Хто-небудзь з сям’і выразна чытае ўрывак з Бібліі.

 

У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: нойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі»” (Лк 2, 1–14).

 Можна заспяваць калядную песню.

Супольная малітва

 Хрыста, які прыйшоў у свет, каб збавіць нас, просім: “Адары любоўю і супакоем!”.

Пане Езу, удзялі нашай сям’і дар любові, згоды і супакою. Адары шчасцем і радасцю нашых суседзяў, сяброў і знаёмых. Усіх пакінутых, адзінокіх, хворых і няшчасных суцеш і ўмацуй Добрай Навінай аб Збаўленні. “Адары любоўю і супакоем!”.

Супольна адгаворваем “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.

Молімся за нашых памерлых родных, каб добры Бог адарыў іх святлом вечнай хвалы. “Вечны адпачынак...”. Божа, Ты ўчыніў, што гэтая святая ноч заяснела бляскам сапраўднага святла Адзінароднага Сына. Учыні, каб і мы яснелі бляскам Твайго святла ў штодзённым жыцці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Дзяленне аплаткай

Старэйшы член сям’і звяртаецца да прысутных:

“Цяпер у духу любові, раскрываючы сэрцы на ўзаемную любоў і прабачэнне, падзелімся аплаткай – хлебам любові. Няхай усе, хто жыве ў нашай сям’і і адведвае наш дом, маюць добрыя намеры і будуць шчаслівыя, здаровыя і ўзрадаваныя. Няхай Бог заўсёды будзе з намі і зробіць так, каб на гэтай вячэры мы сталі ўдзельнікамі Яго радасці ў Нябесным Валадарстве”.

Дзелячыся аплаткай, прабачаем крыўды і складаем адзін аднаму сардэчныя пажаданні.

Вячэра

Перад тым, як сесці за святочны стол, адгаворваем малітву:

“Паблаславі, Божа, нас, гэтую ежу і тых, хто яе прыгатаваў, у імя памяці аб нараджэнні Твайго Адзінароднага Сына, Пана нашага Eзуса Хрыста. Амэн”.

У чаканні Пастэркі – урачыстай св. Імшы на Божае Нараджэнне – спяваем калядныя песні.

 

Паводле "Слова Жыцця"