Адразу пасля навагодніх святаў, моладзь з парафій Воранава, Германішак, Бярозы, Талачына, Рагачова і Жлобіна ўдзельнічала ў Палатынскай сустрэчы моладзі.
Сустрэча пачалася 2 студзеня ўрачыстай святой імшой а 18.00 гадзіне ў касцёле Маці Божай Каралевы Сусвету і св. Фларыяна. Потым усе накіраваліся да капліцы Св. Казіміра, дзе моладзь мела начлег. Пасля агульнага пасілку ўсіх удзельнікаў (а было іх 46 чалавек) чакала інтэграцыйна-пазнаўчая сустрэча. Кожны дзень адбываліся канферэнцыі, святая імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта, таксама кожны меў магчымасць скарыстаць з сакрамэнта пакаяння і духоўных размоў, а яшчэ ўсе разам хадзілі ў кіно і вучыліся танцам. Моладзі дапамагалі кс. Алег Грыгаровіч SAC, кс. Юзаф Парфяновіч SAC, кс. Дзяніс Крываносаў SAC і кс. Ян Высоцкі SAC.
Святары абвяшчалі Божае Слова і праводзілі розныя тэматычныя канферэнцыі, актуальныя для сённяшняй моладзі, паказваючы важнасць жывой веры сярод зменлівасці свету. Цэнтральнымі фігурамі ў ходзе канферэнцыі былі Св. Паллоцці і Марыя - Каралева Апосталаў. Канферэнцыя аб Эўхарыстыі спрыяла больш глыбокаму перажыванню паўсядзённага жыцця. Важную ролю адыгралі сёстры паллатынкі: с. Вольга Рынкевіч SAC і с. Наталля Дрэмо SAC, якія дапамагалі не толькі ў прыгатаванні пасілкаў, але таксама былі разам і дапамагалі ў малітве і размаўлялі з моладдзю.