VII фестываль духоўнай музыкі пад назвай «Дастукацца да нябёсаў» (ДДН) прайшоў у Баранавічах 10 лютага.
У ліку ўдзельнікаў, якія выступілі ў гэты вечар, хрысціянскія гурты OPEN, «Подых Духа», NG Youth, «Рыбы» і The Crossway. Музыкі дзяліліся сваім сведчаннем і выконвалі хрысціянскія творы. Падтрымаць моладзь прыбыў таксама і біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям'янка.
Таксама падчас фестываля быў арганізаваны збор ахвяраванняў на будаўніцтва дома-інтэрнату для дзяцей з рознымі захворваннямі ў Гомелі.
Паводле слоў арганізатара фестываля, душпастыра моладзі Пінскай дыяцэзіі кс. Паўла Рудзьмана, галоўная ідэя фестываля — у магчымасці малітвы праслаўлення для моладзі.
Фестываль сабраў каля 1000 гледачоў.
«Мы не атрымліваем за арганізацыю фестываля ні медалёў, ні чырвоных гузікаў. Гэта робіцца для моладзі. Нам хочацца таксама, каб у Беларусі была якасная хрысціянская музыка. Ідэя фестываля — сабраць моладзь на малітву праслаўлення Пана», — адзначыў душпастыр у інтэрв'ю беларускай рэдакцыі «Радыё Марыя» перад пачаткам музычнага форума.
Першы фестываль ДДН адбыўся ў 2012 годзе ў Астраўцы (Гродзенская дыяцэзія).
Паводле 11.02.2018 12:10