У першы тыдзень Вялікага Посту, з 16 па 18 лютага 2018г., у доме айцоў вербістаў у Баранавічах (Брэсцкая  вобласць) адбыліся рэкалекцыі для супольнасці Аб'яднання Каталіцкага Апостальства ў Беларусі. У  рэкалекцыях ўдзельнічалі члены Аб'яднання  з парафій Воранава, Бярозы, а таксама некалькі чалавек, якія не належаць да Аб'яднання Каталіцкага Апостальства, з Талачына і Мінска.

 

Сустрэча пачалася ў пятніцу урачыстай імшой, якую ўзначаліў прадстаўнік дэлегатуры святога Міхала Арханёла ў Беларусі кс. Станіслаў Вашкевіч SAC. Пасля абеду ўсе ўдзельнічалі ў Крыжовым Шляху, падрыхтаваным сястрой Вольгай Рынкевіч SAC. 

 

Галоўнай тэма рэкалекцый - “Сем смяротных грахоў”. Рэкалекцыі праводзілі Кс. Уладзімір    Буклярэвіч  SAC    (пробашч з Бярозы) і кс. Яўгеній Эйсмант SAC (вікарый з Мінска). Падчас св. Імшы і падчас канферэнцыі абмяркоўвалі пытанні пра грэх. Пры вывучэнні пытанняў, звязаных з грахом, ўдзельнікі працавалі ў групах і дзяліліся  Словам Божым. Дапамогай і падтрымкай у лепшым зразуменні і раскрыцці тэмы былі сёстры-палатынкі: с. Вольга Рынкевіч SAC і с. Наталля Дрэмо SAC. Яны арганізоўвалі працу ў групах пасля кожнай канферэнцыі,  дзе кожны мог выказаць свае думкі, падзяліцца сведчаннем і ўласным вопытам.

На першы погляд, тэма здаецца добра вядомай і зразумелай, але ж падчас  канферэнцый і разважанняў мною асабіста былі выяўлены шматлікія новыя аспекты смяротных грахоў. Я даведалася пра крыніцы і ўзаемасувязь гэтых цяжкіх правінаў і пра ўплыў іх на чалавека, пра наступствы, якія яны  выклікаюць, адлучаючы нас ад Бога. 

Безумоўна, пазнанне граху дапамагае ў яго распазнанні ў нашым штодзённным жыцці. Трэба больш ведаць пра яго і больш глыбока пазнаваць механізмы яго дзеяння. Пазнаючы грэх у сваім жыцці, мы патрабуем дапамогі, каб змагацца з ім, знішчыць яго. Толькі  Божая міласэрнасць можа дапамагчы чалавеку выйграць бітву супраць граху.

На працягу рэкалекцый удзельнікі мелі магчымасць удзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта, маліцца супольнай малітвай Ютрань, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, а таксама кожны меў магчымасць прыступіць да сакрамэнта споведзі.Таксам падчас сваіх канферэнцыі кс.Уладзімір Буклярэвіч  SAC і кс.Яўгеній Эйсмонт SAC асаблівым чынам узгадалі пра нашага заснавальніка святога Вінцэнта Паллоцці .

 

Напрыканцы  дня за кубкам кавы ўсе ўдзельнікі (іх было 26 чалавек) мелі магчымасць пазнаёміцца з арганізацыйнымі аб`явамі. Пры касцёле дзейнічае Катэхетычны каледж, дзе ўсе ўдзельнікі мелі начлег на працягу трох дзён.

 

Паколькі зараз  трываем у часе Вялікага Посту, то дадзеная тэма з`яўляецца вельмі актуальнай, бо менавіта ў гэты перыяд літургічнага года мы імкнемся больш пільна зазірнуць у нашыя сэрцы і душы, перагледзець нашыя адносіны да іншых людзей і г.д., каб узрастаць духоўна і лепей прыгатавацца да Велікодных святаў.

Упэўнена, што праведзены на канферэнцыі час прынясе для мяне багаты плён і дапаможа добра перажыць  Вялікі Пост. Спадзяюся таксама на падобныя сустрэчы ў будучыні! 

 

Анжаліка Федарэнка