12 мая ў касцёле святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранавe (Радунскі дэканат) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай парафіі і парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках. 

Да гэтай падзеі маладыя людзі і дарослыя былі адпаведным чынам падрыхтаваны праз катэхізацыю, а таксама ўдзел у святых Імшах і іншых набажэнствах.

Вітаючы біскупа, пробашч воранаўскай парафіі кс. Анджэй Вітэк адзначыў, што для кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі гэта вельмі важны момант у жыцці, бо яны прымаюць дары Духа Святога, які зробіць іх здольнымі быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце.

Імшу біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў у інтэнцыі прымаючых сакрамэнт хрысціянскай сталасці, каб яны з запалам трывалі з Хрыстовым Касцёлам і былі вернымі Богу.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, звярнуў увагу на тое, што на шляху жыцця кожнага чалавека Бог ставіць святых, якія прыкладам свайго жыцця і гераічных учынкаў паказваюць шлях адвагі, якая праяўлялася ў іх штодзённых дзеях.

Святар адзначыў, што чалавеку, каб быць здольным на вялікія ўчынкі і прысвячэнне, патрэбна дапамога Святога Духа, на прыняцце якога трэба адкрыць свае сэрцы.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі заклікаў тых, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, кожны дзень даваць сведчанне сваёй веры і даць сябе весці Духу Святому. Іерарх пажадаў усім праз добрыя ўчынкі і словы імкнуцца да неба, якое трэба найперш заслужыць.

 

 

Паводле: https://www.grodnensis.by/nawiny/7319-sakrament-kanfirmatsyi-voranave-dats-syabe-vestsi-dukhu-svyatomu.html, 14.05.2018