Бяроза ў пісьмовых крыніцах ўпершыню згадваецца ў 1477 годзе з нагоды таго, што яе першыя ўладальнікі Ян і Барбара Гамшэі пабудавалі тут касцёл Святой Тройцы. Гістарычная справядлівасць была адноўлена ў 1998 годзе, калі на ўездзе ў наш райцэнтр з боку Івацэвіч вырас каталіцкі храм з такой жа назвай. Новы касцёл тады асвяціў кардынал Казімеж Свёнтэк – адзіны на той час, маючы такі высокі сан ва Ўсходняй Еўропе.
27 мая адбыліся вялікія ўрачыстасці ў гонар дваццацігоддзя кансэкрацыі касцёла. У іх прынялі ўдзел ксёндз-дэлегат Станіслаў Вашкевіч SAC з г. Мінска, ксёндз Павел Рудзьман з г. Баранавічы і брат Андрэй Журко OCD– абодва родам з г. Бярозы, а таксама госці з Мінска, Брэста, Пінска, Белаазёрска, Сігневіч і мясцовыя вернікі. У час святочнай літургіі пробашч парафіі Уладзімір Буклярэвіч SAC найперш узгадаў імя ксяндза Анджэя Мажэца SAC, дзякуючы намаганням якога ў нялёгкія гады была ўзведзена каталіцкая святыня. Зараз гэты паважаны святар служыць у расійскім горадзе Бранску, але нашы вернікі ніколі не забываюць таго, хто пабудаваў касцёл. У розныя гады таксама служылі ў Бярозе і даносілі Божае слова да людзей ксяндзы Уладзімір МазалеўскіSAC, Петр КубіцкіSAC, Станіслаў ВашкевічSAC, а зараз апякуюцца над вернікамі Уладзімір Буклярэвіч SACі Дзяніс Крываносаў SAC.
Словы найвялікшай удзячнасці былі адрасаваны найстарэйшым парафіянам, якія захавалі веру і перадалі яе сваім дзецям, унукам і праўнукам, а таксама дапамагалі ў будаўніцтве храма. Прыкладам такой непахіснай веры з’яўляецца Казіміра Новік – жыхарка Самойлавіч, якая захавала самыя важныя рэліквіі зруйнаванага ў шасцідзясятыя гады касцёла, прымала ў сваёй хаце святароў і вернікаў, і прыкладала ўсе намаганні, каб у Бярозе з’явілася сэрца парафіі.
А за дваццаць гадоў у Божым доме было ахрышчана 327 дзяцей, 251 пара з’яднала свае лёсы праз сакрамэнт шлюбу, 145 чалавек прынялі абрад бежмавання, 254 прыступілі да першай камуніі, адбылося шаснаццаць пешых пілігрымак у Лагішын, Гудагай, Будслаў, Чэнстахову і Рым. Гэтыя факты былі агучаны ў час святочнай праграмы і было вельмі хораша глядзець, з якім гонарам дзеці расказвалі пра старанні сваіх бабуль і дзядуль пры ўзвядзенні сцен святыні. Упрыгожыў свята сваім выступленнем хор касцёла, а паэтычныя радкі Алены Усцілоўскай-Казловіч дазволілі зазірнуць у далёкую даўніну за сцены кляштара картузаў. Музычны гурт з Баранавіч выканаў многа добрых песен, у якіх ухваляліся лепшыя чалавечыя пачуцці. Шчырыя словы віншаванняў ад імя каталікоў Белаазёрска выказала І.С. Жалудка.
У сваім віншавальным слове ксёндз-дэлегат Станіслаў Вашкевіч SAC выказаў сардэчную падзяку тым, хто паклаў свае намаганні ў падмурак касцёла, які стаў сэрцам Бярозы і хрысціянства, з'яднаў людзей, а таксама пажадаў вернікам, каб Божы провед адарыў іх супакоем, здароўем і заўсёды спадарожнічаў ім і іх блізкім у жыцці.
Белыя ружы, ад шчырага сэрца ўручаныя святарам, і такога ж колеру шары, якія дзеткі ў бялюткім убранні адправілі ў сонечнае неба сталі яшчэ адным сімвалам чысціні памкненняў вернікаў, якія ідуць па жыцці з Божым словам і вучаць гэтаму сваіх дзяцей і унакаў.
Разалія КАРПЕШ, Фота: Юлія Паўховіч