Два святары з воранаўскай парафіі (Радунскі дэканат), якія належаць да Таварыства каталіцкага апостальства (палатыны), распачнуць душпастырскае служэнне ў Чэлябінску і Навасібірску ў Сібіры.
Ксёндз Ян Высоцкі SAC і ксёндз Сяргей Більдзіс SAC ужо 17 жніўня накіруюцца ў сваё новае месца служэння. Яны адпраўляюцца туды па запрашэнні мясцовага біскупа і накіраваны сваімі манаскімі ўладамі. Яны будуць першымі палатынамі, якія едуць на пастаянную працу ў азіяцкую частку Расіі. У еўрапейскай яе частцы працуе ўжо адзін палатын, кс. Андрэй Марэц.
5 жніўня ў касцёле св. Юды Тадэвуша ў Воранаве, адкуль паходзяць святары, адбылася Імша, падчас якой яны атрымалі пажаданні ад парафіян, ксяндзоў і сясцёр палатынак. У гэты дзень яны таксама атрымалі рэліквіі св. Вінцэнта Палоцці, свайго заснавальніка, і бл. Альжбеты Санны, місіянерскія крыжы і благаслаўленне.
Маладым місіянерам жадаем на новым месцы Божага благаслаўлення. Няхай Евангелле, якое яны будуць прапаведваць на расійскай зямлі, прынясе шчодры плён.
А ўсіх людзей добрай волі заахвочваем у сваіх малітвах памятаць пра нашых святароў, якія з вялікай адвагай і запалам прымаюць новы выклік і абавязкі.