Што такое Божая Міласэрнасць? Гэта Божая любоў, якая была ёсць і будзе. Гэта агромістастасць Божай любові, якая ў цярпенні Крыжовым пералілася на кожнага грэшніка. На кожнае, аслабленае грахом, дзіця Божае. Бог не хоча смерці грэшніка, але, каб навярнуўся і жыў, і жыў у поўні. Дзе ўзмогся грэх, там разлілася ласка. Божы провід робіць так, што праўда пра Божую Міласэрнасць існуе праз стагоддзі ў слове аб’яўленым, а менавіта – у святым Пісанні.
Бог пажадаў, каб у гістарычны перыяд, у якім адбыліся дзве сусветныя вайны, а менавіта – у часе, калі ўзмогся грэх праз людскую слабасць і нянавісць, пажадаў нанава ўзгадаць пра веліч сваёй любові, пра міласэрнасць, паклікаўшы да гэтага задання святую сястру Фаўстыну. Гэта ўсё адбывалася ў міжваенным часе, на скрыжаванні двух культур – Усходняй і Заходняй – Вільня і Кракаў.
Ведаем, што абраз Божай Міласэрнасці ў пасляваенны атэістычны час, калі грэх далей пашыраўся, захоўваўся на нашай Бацькаўшчыне – краіне, якая цярпела і стагнала, краіне, у якой, як у ніводнай іншай, стагоддзямі злучаліся дзве традыцыі: Заходняя і Усходняя.
У маім Касцёле, у якім я з дзяцінства прыслугоўваў, а менавіта – у Васілішках на Гарадзеншчыне – на сцяне ў прэзбітэрыі вісела копія абраза Езуса Міласэрнага. Ягоныя рысы, а менавіта Езуса Міласэрнага на гэтым абразе – мне вельмі падабаліся. А ў прыватнасці – шпаркая паходка і ўсьмешлівы твар. Ці ж тады, як дзіця, я мог падумаць, што з гэтым абліччам Езуса Міласэрнага спаткаюся, як святар, як манах ордэна айцоў Міхалітаў?
Але Божая ласка дзейная заўсёды. Адзін з гэтых фактаў: настаяцель нашага ордэна, які выконваў гэтую функцыю ў самы цяжкі ваенны час – з 1940 да 1952 год – ксёндз Уладыслаў Яновіч у 1886 годзе нарадзіўся ў Вільні. У 1906 годзе закончыў гімназію і стараўся паступіць на медыцыну ў Маскву. Але з-за вялікай колькасці кандыдатаў атрымаў адмову. Праз некаторы час працаваў, як выхавацель. І самае цікавае – быў выхавацелем благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі – спаведніка сястры Фаўстыны. А затым далучыўся да нашай міхаліцкай манаскай супольнасці.
Наш ордэн айцоў Міхалітаў быў прысутны на цяперашніх беларускіх землях яшчэ ў міжваенны час. Нашыя айцы клапаціліся сірацінцам у Дзеткавічах каля Баранавічаў. Адзін з іх, за выяўленую міласэрднасьць – любоў да дзяцей, незалежна ад іх паходжання і веравызнання, а менавіта за тое, што хаваў у сірацінцы жыдоўскіх дзяцей, быў растраляны гітлераўцамі і спачывае на гэтай баранавіцкай зямлі.
У 2003 годзе мая супольнасць скіравала мяне на працу ў горад Мінск. Тут распачалося будаўніцтва жывога і матэрыяльнага Касцёла.
У пэўны момант святой памяці ксёндз кардынал Казімір Свёнтак прыняў рашэнне, што менавіта тут, у Мінску, у Лошыцы павінен быць пабудаваны Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці. Чаму такое рашэнне – не раз я пытаўся сябе? Можа таму, што сам дасведчыў агромістасць Божай любові і Ягонай міласэрнасці, будучы двойчы вызваленым ад кары смерці.
Але прайшоў якісьці час і гэтая ідэя заціхла. Аднаго разу, вяртаючыся дадому з летніх рэкалекцый для сем’яў, а праязджалі праз Кракаў, санктуарый Божай Міласэрнасці. І тут я, як Тамаш, вырашыў: а што мне зашкодзіць – напішу цыдулку пра будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрднасці ў Мінску. Кінуў цыдулку, паклаў ахвяру. Доўга чакаць не давялося: праз няпоўны тыдзень патэлефанаваў ксёндз-арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і паведаміў, што ёсць намаляваны абраз – копія Езуса Міласэрнага з Вільні -- і хацеў бы бачыць прадстаўнікоў нашай парафіі з макетам Санктуарыя Божай Міласэрнасці на ўрачыстай святой Імшы ў Катэдры на распачацце перэгрынацыі абраза па нашай Бацькаўшчыне. Гэты абраз, з абразамі шанавальнікаў Божай Міласэрнасці, а менавіта --святой Фаўстыны, благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ – зараз знаходзяцца ў нашай капліцы. І пачалося будаўніцтва Санктуарыя. Але акрамя матэрыяльнага, Езус будуе гэты Санктуарый у нашых сэрцах. Больш, чым месяц таму назад, маліліся да Езуса Міласэрнага аб ласцы аздараўлення ў цяжкай хваробе для пэўнай асобы. А некалькі дзён таму дачка прыйшла, каб запісаць у сшытак падзяку за аздараўленне маці. Слёзы, узрушанасць -- ксёндз, лекары сказалі, што на здымку ўсё чыста, нічога няма.
Няхай заступніцтва светлай памяці ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка, які выказаў гэтую ідэю -- будаўніцтва Нацыянальнага Санктуарыя Божай Міласэрднасці ў Лошыцы -- выпрасіць Божы провід і Божую Міласэрднасць у яе рэалізацыі.
кс.ГенадзьКухарэвічCSMA