28 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, у санктуарыі Божай Міласэрнасці Радунскага дэканата ў Воранаве адбылася адпустовая ўрачыстасць.

На малітве сабраліся мясцовыя вернікі, а таксама пілігрымы, якія прыбылі з розных парафій дэканата і з суседняй Літвы.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх адзначыў, што Езус Хрыстус, аб’яўляючыся св. Фаўстыне Кавальскай, хацеў нагадаць усім пра міласэрнасць, якая скіравана да кожнага чалавека. Біскуп падкрэсліў, што ХХ стагоддзе, якое было пазначана пераследам за веру, войнамі, канфліктамі і вывазам на прымусовыя працы, стала своеасаблівай нагодай, каб чалавецтва магло ў неспакойныя часы “дакрануцца да міласэрнасці Бога”.

Па яго словах, праўда пра Бога, багатага міласэрнасцю і ласкай, прагучала нанова недалёка ад Воранава – у Вільні, а адтуль разышлася па ўсім свеце. Біскуп дадаў, што ў наш час шмат людзей любіць малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці, якая для многіх стала рэгулярнай малітвай і з’яўляецца быццам “дотыкам рук Бога, каб мы гэтую евангельскую міласэрнасць маглі перадаваць іншым людзям”.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Анджэй Вітэк SAC падзякаваў біскупу і ўсім гасцям за прысутнасць і супольную малітву.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні. Потым для дзяцей і моладзі была прапанавана багатая культурная праграма.

 

Паводле: https://grodnensis.by/nawiny/8380-urachystacts-bozhaj-milasernastsi-adznachyli-vorana-skim-sanktuaryi-2.html, Kс. Юрый Марціновіч, 29.04.2019