12 кастрычніка чацвёра семінарыстаў з Таварыства Каталіцкага Апостальства (паллатыны) атрымалі ў семінарыйным касцёле ў Олтажаве (Польшча) дыяканскае пасвячэнне. Сярод іх таксама Руслан Пецкелюн, які паходзіць з парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве (Радунскі дэканат).
Чатырох новых дыяканаў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі палатынаў кс. прафесар Міраслаў Мейзнер SAC параўнаў у прывітальным слове з чатырма евангелістамі.
Да пасвячэння яны рыхтаваліся праз палатынскую фармацыю ў пастулаце, навіцыяце і на працягу 6 гадоў у семінарыі ў Олтажаве, а непасрэднай падрыхтоўкай былі рэкалекцыі.
Пасвячэнне ўдзяліў дапаможны біскуп Познаньскай архідыяцэзіі Гжэгаж Балцэрэк. У гаміліі ён падзяліўся разважаннямі пра тое, што значыць быць дыяканам. Іерарх нагадаў пра святога Папу Паўла VI, якому параілі не несці ў працэсіі Евнгелле, паколькі гэта функцыя дыякана. На гэта Папа адказаў: але ж я сапраўды пасвячаны дыякан, дыякан назаўсёды.
Біскуп папрасіў кандыдатаў да пасвячэння: “Ніколі не забывайце, што вы сталі дыяканамі назаўсёды, назаўсёды! І жадайце перажываць усё ваша святарства як служэнне”.
Вышэйшы настаяцель Таварыства Каталіцкага Апостальства правінцыі Звеставання Пана кс. доктар Адрыян Галбас SAC выказаў удзячнасць біскупу і тым, хто прычыніўся да фармацыі новых дыяканаў, нагадаўшы словы кардынала Ёзафа Ратцынгера, сказаныя 40 гадоў таму, што ў паняцце дыяканату ўпісана гатоўнасць да асабістага знясення Евангелля, ажно да скону.
Ксёндз правінцыял прасіў новых дыяканаў быць гатовымі да асабістага знясення Евангелля, бо толькі тады абвяшчэнне будзе евангелізацыяй, а не самалюбаваннем. Таксама ён прасіў абвяшчаць Евангелле не толькі і не найперш словамі, а паводзінамі, стылем жыцця і служэння – на ўзор св. Вінцэнта Паллоцці.