20 красавіка, у актаву Пасхі, якую цяпер перажывае Каталіцкі Касцёл, і і ў Вялікую сераду па календары Праваслаўнай Царквы, на паўднёвай ускраіне Воранава каталіцкі і праваслаўны святары асвяцілі крыжы, а таксама фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі.
Як паведамляе сайт «Воранаўскай газеты» Voran.by, пасвячэнне крыжоў і фігуры Маці Божай, што адбылося паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікаднем, стала знакавай падзеяй для жыхароў Воранава. Нават дождж, што зарадзіўся зранку, не перашкодзіў воранаўцам засведчыць, што ў райцэнтры з’явіўлася новае месца для супольнай малітвы.
Як паведамляецца на раённым рэсурсе, старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук упэўнены, што Дзева Марыя будзе аберагаць гэтую зямлю, а скультура стане «візітнай карткай» мястэчка. Кіраўнік падзякаваў усім, хто прычыніўся да гэтай справы: касцёльнаму камітэту, каталіцкім і праваслаўным вернікам, калектыву каледжа, кіраўнікам арганізацый і індывідуальным прадпрымальнікам.
Новае месца культу пасвяцілі пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Воранаве ксёндз Анджэй Вітэк SAC і настаяцель мясцовага праваслаўнага прыхода іерэй Ігар Валошын.
На Voran.by падкрэсліваецца, што здаўна на воранаўскай зямлі ў добрасуседстве і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў і паважаюць адзін аднаго, сведчаннем чаго стала сумеснае пасвячэнне крыжоў духоўнымі асобамі дзвюх найбольшых канфесій у нашай краіне.
22.04.2022 09:39