7 мая шасцёра дыяканаў з Таварыства каталіцкага апостальства (палатыны) прынялі ў семінарыйным касцёле ў Алтажаве (Польшча) пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату.
Сярод іх двое з Беларусі: Максiм Боландзь з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фарa) i Павел Казлоўскі з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Белаазёрску (Пінская дыяцэзія).
Пасвячэнне ўдзяліў Мітрапаліт Познаньскі арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, старшыня епіскапату Польшчы.
Урачыстасць сабрала шмат гасцей з Польшчы і замежжа, сярод якіх былі перш за ўсё сем’і новапасвячаных прэзбітэраў, святары, якія служаць у іх родных парафіях, і шматлікія сабраты-палатыны.
Мітрапаліт Познаньскі ў гаміліі нагадаў пра біблійнае паходжанне сакрамэнту пасвячэння і падкрэсліў фізічнае і духоўнае значэнне Эўхарыстыі.
Традыцыйна пасля Імшы і абеду новапрэзбітэры прымалі гасцей, святкуючы падзею свайго пасвячэння, а затым рыхтаваліся да прыміцыйнага наведвання многіх палатынскіх супольнасцяў і да прыміцыйнай літургіі ў сваіх родных парафіях.
Даручаем гэтых маладых святароў, асабліва тых, якія паходзяць з нашай краіны, апецы Добрага Пастыра і ў Тыдзень малітваў аб пакліканнях просім аб новых працаўніках, руплівых і святых, для служэння ў Касцёле.