13 чэрвеня вернікі штогод адзначаюць успамін святога Антонія Падуанскага — аднаго з найбольш вядомых і шанаваных святых у Каталіцкім Касцёле.
Ва ўсім свеце славутаму Святому з Падуі прысвечана вялікая колькасць святыняў, у тым ліку і ў Беларусі. Адна з іх знаходзіцца ў Талачыне — горадзе ў Віцебскай дыяцэзіі, што знаходзіцца паміж Барысавам і Оршай.
У дзень парафіяльнага адпусту талачынскіх вернікаў наведаў пастыр Віцебскай дыяцэзіі, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Алег Буткевіч. Ушанаваць святога Антонія і падзякаваць яму за шматлікія ласкі, атрыманыя праз яго заступніцтва, сабраліся мясцовыя вернікі, а таксама госці з наваколля і з іншых мясцін. На фэст прыбылі святары з Крупак (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), Слоніма (Гродзенская дыяцэзія) і Оршы.
На пачатку ўрачыстай цэлебрацыі біскуп Буткевіч павіншаваў пробашча парафіі ксяндза Станіслава Скрыдалевіча SAC і ўсіх вернікаў з 30-годдзем вяртання святыні ў Талачыне парафіі.
У 1992 годзе, праз шэсць дзесягоддзяў пасля закрыцця касцёла, у райцэнтры зноў адрадзілася рэлігійнае жыццё тутэйшай каталіцкай супольнасці.
У прамоўленай гаміліі біскуп нагадаў гісторыю талачынскай парафіі і святыні. Паводле звестак, першы касцёл у горадзе быў пабудаваны на самым пачатку XVII стагоддзя, але ў выніку драматычных гістарычных падзей не захаваўся. На яго месцы была пабудавана каменная святыня, якую ў 1854 годзе пасвяціў Магілёўскі біскуп Вацлаў Жыленскі.
У гады ваяўнічага атэізму ў 1932 годзе касцёл быў зачынены, а пасля Другой сусветнай вайны ў ім знаходзіліся райпрамкамбінат і склады. 30 гадоў таму святыня была вернута законным уладальнікам, і вось ужо тры дзесяцігоддзі талачынскія вернікі маюць магчымасць свабодна маліцца Богу і ушаноўваць свайго нябеснага апекуна святога Антонія.
«Яго духоўны набытак мае для нас не толькі практычнае значэнне ў пошуках згубленых рэчаў. У першую чаргу мы павінны прасіць яго аб людскіх душах, якія, на жаль, маюць тэндэнцыю губляцца», — адзначыў біскуп Буткевіч. На заканчэнне гаміліі іерарх сказаў:
«Маем надзею, што Найвялікшы Бог у сваёй мудрасці адбудуе касцёл не толькі гэты камены, але перш за ўсё касцёл у нашых сэрцах, у нашым грамадстве».
Духоўным падарункам для талачынскіх вернікаў і гасцей у дзень парафіяльнага фэсту стала наведванне Маці Божай у копіях цудадзейных абразоў з беларускіх Марыйных санктуарыяў, якія былі дастаўлены на Віцебшчыну з Магілёва ў межах перэгрынацыі па парафіях Беларусі.
Паводле 22.06.2022.