Увечары 12 жніўня ў мястэчку Лагішын, што на Піншчыне, распачаліся ўрачыстасці ў гонар цудадзейнай іконы Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

У гэтым годзе фэст у Лагішыне асаблівы, паколькі сёлета адзначаецца 25-гадовы юбілей з часу каранацыі лагішынскага абраза Багародзіцы папскімі каронамі і абвяшчэння Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункай Пінскай дыяцэзіі. Чвэрць стагоддзя таму гэты ўрачысты акт здзейсніў Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк.

Спакойнае і ціхае зазвычай мястэчка ў дзень дыяцэзіяльнага фэсту ажыло. Яго напоўнілі радасныя спевы пілігрымаў, якіх на ўрачыстасці прыбыло больш за 250 асоб. Найбольш іх прыйшло з Баранавічаў і Бярозы.

Амаль чатыры дні яны пешкі ішлі да Матулі, каб аддаць ёй пашану ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы Палесся.

 

Сярод пілігрымаў былі людзі рознага ўзросту, адукацыі і сацыяльнага стану. Самаму малодшаму пілігрыму, Якубу, споўніўся ўсяго адзін гадок.

Тых, хто, перанесшы цяжар дарогі, дайшоў да мэты свайго духоўнага вандравання, сардэчна віталі мясцовыя парафіяне на чале з пробашчам лагішынскай парафіі ксяндзом Тадэвушам Шэшкам FDP, які благаслаўляў прыходзячых пілігрымаў.

 

 Уражаннямі ад паломніцтва ў Лагішын падзялілася з Catholic.by  Марыя Шкадзенка: «Я ў пілігрымцы дваццаць першы раз.

Было цяжка, асабліва ў першы дзень, але калі прыходзіш да Маці Божай, са слязьмі на вачах, то, нібы пры нараджэнні дзіцяці, стомленасць і цяжкасці забываюцца. Гэтае адчуванне проста невымоўнае.

Са мной крочылі мае трое дзетак, малодшаму Віцюшы толькі восем гадоў, але ён прайшоў увесь шлях».

 

Яшчэ адна ўдзельніца пілігрымкі, Аксана Ясінская з Ліды, ішла гэтым шляхам першы раз.

«Больш за ўсё уразіла, што людзі ў дарозе сустракалі нас з адкрытымі сэрцамі, і мы адчувалі сябе вялікай і дружнай сям’ёй. У наступны раз абавязкова пайду зноў разам са сваёй дачушкай»,— падзялілася сваімі адчуваннямі і планамі жанчына.