У Лагішыне з удзелам біскупаў адзначылі 25-гадовы юбілей каранацыі цудадзейнага абраза Каралевы Палесся 12 і 13 жніўня ў Лагішыне (Пінская дыяцэзія) праходзілі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

Адметнасць сёлетняга фэсту ў дыяцэзіяльным санктуарыі на Піншчыне — юбілей 25-годдзя з часу каранацыі цудатворнай іконы Маці Божай Лагішынскай і абвяшчэння Яе Каралевай Палесся і Апякункай Пінскай дыяцэзіі. 

У першы дзень урачыстасці Лагішын вітаў пілігрымаў з Баранавічаў і Бярозы, а позна ўвечары тут адбылася святая Імша для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На другі дзень святкаванне ў Лагішыне завяршылася ўрачыстай Эўхарыстыяй. Па запрашэнню біскупа Дзям’янкі цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вітаючы прысутных на ўрачыстасці святароў, сясцёр законных, пілігрымаў, гасцей і мясцовых вернікаў, арцыпастыр адзначыў, што «менавіта ў Год гістарычнай памяці, вяртаючыся да каранёў малой радзімы, мы, як дзеці, прыходзім у дом нашай Маці, каб прасіць Яе аб дапамозе ва ўсіх нашых патрэбах».

Падчас святой Імшы з Божым словам да прысутных звярнуўся Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.


Найстарэйшы каталіцкі іерарх у нашай краіне прапанаваў звярнуцца да Святога Пісання, каб зразумець веліч сённяшняга свята, падкрэсліўшы, што «Біблія — гэта кніга мудрасці, якая адказае на ўсе магчымыя пытанні».

«Кніга Быцця распавядае, што чалавек быў створаны для шчасця, аднак праз зайздрасць д’ябла паддаўся спакусе і зграшыў, аддаліўшыся ад Бога. Але Бог не пакінуў чалавека; Бог паклікаў: „Адаме, не ўцякай! Я прыйду да цябе з дапамогаю!“ Гэтыя словы сталі рэчаіснасцю 2022 гады таму.

Калі Марыя малілася, Ёй з’явіўся Арханёл Габрыэль і паведаміў, што Яна стане Маці Сына Божага. І Марыя прыняла гэта, бо заўсёды была вернай Пану Богу»,— коратка нагадаў біскуп Велікаселец гісторыю збаўлення, у якой выключную ролю Бог адвёў менавіта Панне Марыі.

Біскуп Велікаселец заахвоціў прысутных быць вернымі Богу падобна Марыі, сем абразоў якой былі каранаваны ў Беларусі за час пантыфікату святога Яна Паўла ІІ: у Брэсце, Будславе, Лагішыне, Гродне, Тракелях, Гудагаі і Браславе.

«Маці Божая ахінула ўсю Беларусь сваёй матчынай апекай. І таму мы як сапраўдныя дзеці сваёй Маці звяртаемся да Яе словамі старажытнай малітвы: „Памятай, о Найсвятейшая Панна Марыя, што ніколі не здаралася, каб пакінула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу кліча…“»— працытаваў іерарх словы малітвы да Багародзіцы, складзенай святым Бэрнардам.

На заканчэнне біскуп Казімір Велікаселец заклікаў удзельнікаў юбілейных урачыстасцяў у гонар Маці Божай Лагішынскай: «Браты і сёстры! Будзем жа маліцца з Марыяй да Пана Езуса, каб Ён узмацняў нас мудрасцю і любоў’ю».

 Паводле: 14.09.2022 Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by