Юбілей святыні ў Бярозе

4 чэрвеня, у свята Найсвяцейшай Тройцы, у парафіі ў Бярозе адбылася адпустовая ўрачыстая святая імша з удзелам біскупа Антонія Дзям’янкі. Нагодай было 25-годдзе асвячэння парафіяльнага касцёла Найсвяцейшай Тройцы.

Парафіяне сустракалі біскупа ля святыні. У прывітальным слове яны папрасілі, каб Эксцэленцыя ўвёў сваю паству ў касцёл, як гэта зрабіў 25 гадоў таму кардынал Казімір Свёнтак.

На ўрачыстасць прыбылі святары з іншых дэканатаў, шматлікія госці, якія разам з парафіянамі дзякавалі Богу ў малітве за ўсіх людзей, дзякуючы якім у Бярозе з’явілася святыня і ўжо 25 гадоў жыве актыўным і плённым жыццём. Падчас імшы быў асвечаны алтар, а таксама келіх - дар касцёлу ад вернікаў парафіі.

Пасля імшы парафіяне і госці свята трапілі на прэзентацыю фільма пра парафію “Аб’яднаныя верай”, а таксама на канцэртную праграму “Сустрэча пакаленняў”. Павіншавалі парафіян з важнай падзеяй сталічныя музыканты: бард Вольга Хілько, Антон Юхнавецкі (кахон), падлеткавы гурт “Міхаэлькі” пад кіраўніцтвам Анастасіі Усніч.