20 верасня адзначалася 25-годдзе служэння айцоў палатынаў у парафіі Св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве (Гродзенская дыяцэзія). У святкаванні прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Усё для бясконцай Хвалы Божай...» 25 год таму гэтыя словы прывялі на зямлю сучаснай Беларусі айцоў-палатынаў. Супольнасць палятынаў працуе ва ўсім свеце. На тэрыторыі Беларусі яна налічвае 12 айцоў. Служаць яны ў Воранаве, Германішках, Бярозе, Жлобіне, Талачыне, Мінску.
Падчас Імшы Мітрапаліт нагадаў у гаміліі пра тыя часы, калі пачыналася адраджэнне Касцёла ў Беларусі пасля дзесяцігоддзяў ганенняў і калі палатыны прапанавалі сваю дапамогу і пачалі працу ў Воранаве.
Разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, арцыпастыр звярнуў увагу, што яно ўздымае «вельмі вялікую праблему, з якой мы сустракаемся ў штодзённым жыцці, — праблему першынства», бо апосталы спрачаліся паміж сабой, хто з іх будзе большы ў Божым Валадарстве.
«Езус адказаў вельмі проста — што першым будзе той, хто з’яўляецца апошнім і слугой усіх», — нагадаў арцыбіскуп і дадаў, што прыкладам можа служыць Панна Марыя, якая «была паслухмяная Божай волі і стала слугой Бога і бліжняга», «імкнулася не валадарыць, але служыць».
«Гэта рэцэпт таго, як быць вучнем Хрыста. Аднак пры гэтым неабходна памятаць і аб тым, што заклік да пакоры і служэння іншым не азначае, што мы не павінны мець свайго меркавання па тым ці іншым пытанні, асабліва баронячы хрысціянскія каштоўнасці, што вельмі важна ў наш час, — падкрэсліў іерарх. — Мы павінны прыпадабняцца не свету, але Хрысту. Не павінны плыць па цячэнні секулярнага свету, але супраць яго».
![]()
Мітрапаліт дадаў, што любоў Хрыста з’яўляецца «маторам дзейнасці палатынаў». «Мы сапраўды любім Бога толькі тады, калі жывём у адпаведнасці з Божым правам. А гэта адна з найбольш актуальных праблем сучаснасці, — заўважыў арцыпастыр. — Свет жыве так, як быццам Бога няма або Ён памёр. Гэта пацвярджае штодзённае жыццё. Маральныя нормы забываюцца і нават высмейваюцца».
«Праблема ў тым, што чалавек парушыў Богам устаноўлены парадак, — адзначыў Мітрапаліт. — Дадзеная Богам інструкцыя для нашага паспяховага жыцця не можа быць парушана, а калі так здарылася, неабходна як мага хутчэй вярнуцца да яе. Бог не памёр і жыве, і нам неабходна будзе перад Ім здаць справаздачу з нашага жыцця, справаздачу з таго, ці жылі мы паводле дадзенай Ім інструкцыі, гэта азначае паводле Ягонага закону».
Віншуючы айцоў палатынаў з сярэбраным юбілеем працы ў Воранаве, арцыпастыр пажадаў ім Божага благаслаўлення, апекі Марыі, а таксама таго, каб іх служэнне прынесла багаты духоўны плён, каб любоў Хрыста ахапіла ўсіх, да каго яны пасланы, і каб дзякуючы іх служэнню «людзі жылі паводле Божай інструкцыі — маральнага закону, як гарантыі шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці».
На сённяшні дзень супольнасць палатынаў вядзе душпастырскую працу ў розных накірунках: выпускае газеты, брашуры, арганізуе пілігрымкі. Ксяндзы выкладаюць у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. У гэтым годзе яны атрымалі дазвол наведвання хворых у шпіталях.
![]()
