Першая нядзеля пасля Вялікадня называецца нядзеляй Божай Міласэрнасці. Устанавіў гэтае свята сам Езус, калі аб’явіўся св. Фаўстыне Кавальскай.
Акрамя ўстанаўлення свята Божай Міласэрнасці, падчас аб’яўленняў Хрыстус таксама прасіў св. Фаўстыну стварыць абраз «Езу, давяраю Табе», устанавіць Вяночак да Божай Міласэрнасці і Гадзіну Міласэрнасці (15.00 — гадзіна смерці Езуса на крыжы). Згодна з абяцаннямі Езуса, кожны, хто напярэдадні свята або падчас яго прыступіць да сакрамэнту пакаяння, а ў дзень свята прыме святую Камунію, «атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і караў. У гэты дзень адкрыты ўсе Божыя каналы, па якіх сыходзяць ласкі» (Дз. 699). Таму з вялікай радасцю цэлебравалі гэтую урачыстасць парафіяне і госці падчас святой імшы, дзякуючы Богу, што менавіта ў год міласырнасці наш парафіяльны касцёл дэкрэтам біскупа Аляксандра Кашкевіча абвешчаны санктуарыям Міласэрнасці Божай.